Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 6.pdf/90

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ТЕЙ ДАЎГАЖДАНАЙ.

Чакаў яе, чакаў з трывогай,
Лічыў хвіліны неспакойна,
Чакаў… І ня прышла нябога.
Не захацела быць так гойнай.

Што-ж, ня прышлося маім думам
Быць явай радаснай, жаданай;
Сам застануся з сваім сумам
Лячыць нязьлечаныя раны.

Пачну адвечную бяседу:
Паклічу верных сваіх другаў —
Яны, як добраму суседу,
Акажуць шчыру мне паслугу

Мой першы друг — бязьмежна гора;
Ня скупіць мне сваёй апекі, —
Душа яго, як тое мора,
Што ўсё ў сябе ўбірае рэкі.

Мая сама вярнейша дружка,
Мяне ня здрадзіўша ніколі,
Нядоля — беспадобна служка,
Мая пацеха дома ў полі.

Яшчэ, яшчэ ня мала маю
Такіх дружкоў, бы ўвесну цьвету,
Іх тутка я не вылічаю, —
Нашто дарма хваліцца сьвету!