Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 6.pdf/9

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

МАЯ ДОЛЯ

Мая доля, дык вось доля,
Каб ты лопнула была!
Каб у чыстае дзе поле
Ад мяне ты уцякла!

Чаму ж доля, ты цяжкая,
Тут мне шчасьця не даеш?
Чаму-х, горкая такая,
Сьмерць мне лепей не пашлеш?

Гэтак цягам мяне мучыш,
Як душу у пекле чорт;
Гэтак сэрца маё сушыш,
Што аж сам я ссох, як хорт!

Не даеш ты мне спакою
Ані ўночы, ані ўдзень, —
Усё ходзіш ты за мною,
Як нябожчыка той цень,

Куды толькі ні парвуся,
Каб-хоць троха лепей жыць,
Дык калі не аглянуся,
Мая доля тут бяжыць.

І усё мне скруціць, змуціць,
Як хто дзе калом ваду.
І душу маю засмуціць,
І нашле злую бяду.

І жыцьцё ня міла стале,
Згінуць хочацца зусім.
І як бы хто сэрца зране, —
Нейкі боль чуваць у ім.