Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 6.pdf/80

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

∗     ∗

Цяжка мне, цяжка, слузе бяспрытоннаму,
Жыцьця свайго смутнага дні каратаць,
Сэрцу ад жалю і сьлёз неўгамоннаму
Ой, цяжанька верыць і шчасьця чакаць!

Цяжка мне, цяжка за сошкай-крывуляю
Загон выйці ў поле араці чужы,
Пот абціраці парванай кашуляю
Дый плакаць, прыпаўшы грудзьмі да мяжы!

Цяжка мне, цяжка маркотнымі думамі
Бязьмернае гора адчуці сваё,
Слухаць бяды песьню з віхраў пашумамі,
Што ніва, што сошка, што ўсё не маё!

Цяжка мне, цяжка гумно, пуню панскія
Дабром, зьлітым потам маім, напаўняць,
Знаць, што ўсіх кормяць труды мае хамскія,
А сам мушу з голаду век паміраць!

29 I—1907 г.