Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 6.pdf/76

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

З БЯДЫ І НУДЫ

Не даеш ты, бяда,
Мне спакойна цярпець,
Не даеш ты, нуда,
Песьні весела пець,

Мучце-ж, мучце мяне,
Не баюся я вас, —
Хай сьвет цэлы дрыгне,
Я ўжо выжыў свой час.

Не разбудзіць мне дум
Ні сьлязіна, ні сьмех,
Зьменнай радасьці шум
Не навее пацех.

Сіратой па зямлі
Снуючы бяспуцьця;
Мяне путы змаглі
Абрыднога жыцьця.

Мая моладасьць сьпіць
Пад пялёнкаю мук,
Аджывіць, узманіць
Няма чым думак, рук.

Дык-жа мучце мацней
Ты — бяда, ты нуда!
З вамі дружбы маей
Не размые вада.

Сейце кожнай парой
Больш цярпеньня, трывог
Снуйце зданьні за мной —
Па маіх, па сьлядох.