Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 6.pdf/71

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Ланцуг ім колецца,
Галосяць, моляцца,
Вырваць іх з путаў, з няволі
І так здаваецца —
Стогн падымаецца,
Як-бы ня змоўкне ніколі.

І глянуць снутненька
І жыці трудненька,
Здаецца-б згінуў з душою,
Бачу бяздольнае,
Бачу бязвольнае
Над сваёй беднай зямлёю.

У сэрцы ныецца,
Сьмех стогнам крыецца,
І плачуць жаласна вочы…
Думы маркотныя,
Думы гаротныя,
Труціце быт мой сірочы.

1905 г.

|}