Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 6.pdf/316

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Для мяне была скарбніцай
Творчых дум і цнот,
Вёў мяне яе стан гібкі
Да сьвятых яснот.

Дзе-ж мяне завёў, урэшце,
Посьле цяжкіх спроб?
К апраметнай шоў я ў сонцы.
Праз надзею — у гроб!

Вось якое мне вясельле?!
І я ў гэткі дзень
Жыці мушу? Божа! Божа!
Што пачну я, пень?

*

Паднялі труну на плечы,
Панясьлі пасьпешна;
Мяне ўдзержаць хочуць сілай —
Ха, ха! Вось пацешна!
Прэч з дарогі, разявякі.
З хлысьцьбаю дасужай!
Бо я молад і сярдзіты,
А кулак мой дужы…

Я адзін к ёй маю права,
А вы прэч, насланьне!
Чорны збродзе! Толькі роўны
Хай да бойкі стане,
З вас ніхто майго цярпеньня
У грудзёх ня зьмесьце!..
І ўцяклі ўсе, — сам іду я.
Грозны цар балесьці!

Сярод гоману і звону
Ўсіх званоў бяз ладу,
Сам іду я к дамавіне —
Да свайго пасаду.