Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 6.pdf/27

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

НЯ ДРУЖЫ…

Ня дружы з панамі,
Бедзен мужычок.
На дружбу з багатым
Вузак твой шнурок.

У палацы белым
Табе не гуляць, —
Там народ вясёлы,
Песенькі зьвіняць,

Там віно ліецца
Пеністай ракой,
Ад яды сталы там
Гнуцца дарогай.

Сядзяць за сталамі
Паны ў грамадзе, —
Сытыя ўсе твары.
Тваё-ж месца дзе?

Стаіш у парозе
З шапкаю ў руках,
Прытухлыя вочы
Водзіш па панах.

Пазнаеш, гаротны,
Што ты не такі,
Не тваё тут месца,
Не твае дружкі.

1907 г.