Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 6.pdf/236

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

БАЙ

Бегаў бай па сьцяне
У чырвоным каптане.
Байку баіў. Ай, лю-лі!
Жылі пчолкі у вульлі…
Баіць ці не?
— Баіць!

Бегаў бай па сьцяне…
Шла вясна па вясьне,
Жылі пчолкі з году ў год,
Бралі ў соты з кветак мёд…
Баіць ці не?
— Баіць!

Бегаў бай па сьцяне…
Ніхто пчолак не кране;
Самі мёд зьбіраюць той,
Самі ласваюць зімой…
Баіць ці не?
— Баіць!

Бегаў бай па сьцяне…
У тэй самай старане
Пустапасам труцень жыў,
Неяк з пчолкамі здружыў…
Баіць ці не?
— Баіць!

Бегаў бай па сьцяне…
Труцень кажа: „Дайце мне
Глянуць, пчолкі, у вульлёх
Паспытаці ваш мядок!..“
Баіць ці не?
— Баіць!