Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 6.pdf/221

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

У ЛЕСЕ

Калі бывае мне маркотна, —
А я маркочуся часьцей,
Як гэта думае ахвотна
Мой дабрадзей ці ліхадзей, —

Тады іду я ў лес нядбала,
Каб не мазоліць воч людзям,
На мох валюся дзе папала,
І ўжо я з пушчай сам-на-сам.

Ніхто ня бачыць і ня чуе,
Аб чым тут гутарку вяду,
Дзе думка днюе і начуе,
Сваю хавае дзе нуду.

А з лесам сябры мы старыя, —
Ня раз праводзілі папас;
За сорак год нам дружбу крые,
Калі зышліся першы раз.

За гэты час, на век схаваны,
Шмат мелі ўсякіх лет і зім, —
Былі агні, былі туманы,
Было ўсяго са мной і з ім.

Цяпер, калі сюды прыду я,
Знаёма, ясна як сьляза:
Ўсё тыя шышкі лес гадуе,
Ўсё тая ўецца дзермяза.

Таксама мох ляжыць, як воўна, —
Бы ў пуху песьціцца нага;
Ад птушак ройна, шуму поўна,
Глядзі ды слухай як мага.