Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 6.pdf/218

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ПА ДАЎГІНАЎСКІМ ГАСЬЦІНЦЫ

Менск — Акопы

Пусьціўшы дома пагалоску,
Што я нядуж, лячыцца час, —
Пакінуў горад, еду ў вёску
Набраць здароўя на запас.

Трухкоча брычка па дарозе —
Сам Разымблюм за фурмана, —
Мяне-ж падкідвае на возе
Ад ям, калдобін і канаў.

Дарогі нашы, ой, дарогі!
Былі няважны для язды, —
Цяпер сям чорт паломіць ногі,
На хвост нагоніць верады.

Ах, вы шляхі!..
З гары на горку
Кульдык-кульдык, то ўвысь, то ўдол,
Зьбярэшся з думкай на гаворку,
А тут пад зад цябе вандол…

Конь пазірае ў бок з укоса
На плех мурожны пад кустом,
Ды круціць-верціць пад сам носам,
Як тэй кадзільніцай, хвастом.

Абапал высяцца прысады,
А дравы пэўне па сто год —
Было іх больш, дый далі рады:
Працерабіў іх свой народ.