Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 6.pdf/216

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

УЛЕТКУ

Соладка ўлетку ў дзень ройны
Ў зелені, ў кветках купацца,
З ветрам гуляць, неспакойным,
З сонцам гуляць, цалавацца!

Слухаць лясное гамонкі,
Зважных, наўцямлівых шумаў,
Як гэта хвойкі-сасонкі
Гойдаюць ласкава думы.

Слухаць, як міла ля ўзьмежку
Гутарыць з коласам колас,
Як льлецца ў сэрца з усьмешкай
Нівы спагадлівы голас.

Музыка зычная ў сьвеце, —
Моўкнуць нягоды напасьці…
Хочацца думаць, як дзеці,
Верыць, як дзеці, у шчасьце!

1926 г.