Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 6.pdf/210

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Каб зьвінелі вашы косы
Над зямлёю соннай
Ад начных да раньніх росаў,
Звонка, векапомна.

*

Вам у спадчыне ад роду
Засталіся песьні,
Каб быць вашай асалодай
У жыцьця прадвесьні,

Каб вы пелі, ня сьціхалі
Ў радасьці і ў горы,
Гаманілі, нібы хвалі,
У бурлівым моры.

Каб шоў гоман няспыняны
Ад поля да поля
І людзей яшчэ скаваных,
Заклікаў на волю.

1923 г.

|}