Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 6.pdf/209

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Каб здабытую свабоду
Зналі, шанавалі
І у цяжкую прыгоду
Ўсталі грознай хваляй.

Зашумелі, загудзелі,
Як віхор сусьветны,
Не праспалі у пасьцелі
Волі агняцьветнай.

*

Вам дасталіся ад продкаў
Сохі і бароны.
Каб вы ў час, пасьля паводкаў,
Выйшлі на загоны,

І з‘аралі сваю ніву
Шырака, глыбока,
Зерне ўкінулі шчасьліва,
Чыстае, як вока.

Каб рунела зерне тое,
Весела, яскрава
Побач з вашай маладою
Сакалінай славай.

*

Вам пакінулі прадзеды
Гартаваны косы,
Каб вы з імі сонца сьледам
Выйшлі на пакосы;

Каб касілі да упаду
Пустацьвет і зельле,
Што сваім пякучым ядам
Труцяць кроў у целе.