Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 6.pdf/206

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Яшчэ дзесь здрадна ласка панская
На беларускім едзе карку
І круціць з подласьцю паганскаю
На свой лад нашу гаспадарку.

Яшчэ там сыты гонар ласуе
Дзявочу ўсьмешку беларускі,
Даляры лічачы за касаю,
Што з нашых зьдзёр палосак вузкіх.

Яшчэ там корна служаць мамкамі
Сястрыцы нашы і сягоньня,
Ды стогнуць, мучацца пад клямкамі
Браты, як некалі ў прыгоне.

Яшчэ ўспалаюць там паднебныя
Чырвоным полымем пажары
І будуць гінуць там патрэбныя
І непатрэбныя ахвяры.

10

Пакінем спадчыну мы для патомкаў
Інакшую ад тэй,
Што ўзялі мы ад продкаў на абломках
Гісторыі сваёй.

З інакшай думкай пойдзе ў сьвет і людзі
Патомак гэны наш:
Згібацца ўжо ня будзе і ня будзе
Піць з недапітых чаш,

Дасталі сьцежкі, ад якіх прапасьці
Маглі мы ў бяспуцьці,
А кінем бітыя шляхі да шчасьця,
Абы умець ісьці.

На продкаў плечах паўзрасталі вежы
Дзе торг вялі за нас,