Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 6.pdf/198

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

БЕЗНАЗОЎНАЕ

1

Спачатку яно шалясьцела
Вельмі нясьмела,
А потым лізнула ваконца
Ціха, як сонца.

Назаўтра ўзьняло галасочак,
Нібы званочак,
Ды ў час празьвінела так далей
Збуджанай хваляй.

На трэці дзень чуцен быў гоман,
Хоць і надломан,
Але ўжо больш вольны, дасьціпны,
К сэрцу прыліпны.

А далей яно зашумела
Надта ўжо сьмела,
Аж водгульле ў сьветы пабегла
Здольна, разьлегла.

Па пушчах пайшло бураломам —
Дома, за домам.
Бунтарскае грымнула слова
Аж да аковаў.

Скасаваная сіла паўстала
Бурай… навалай…
Надзелі чырвоныя кветкі
Нашы палеткі.

Во як пачалося ў нас ціха
Тое ўсё ліха,
Што на‘т беларускія межы
Ўсталі з залежы.