Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 6.pdf/195

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Табой сам самадзержац цар
Пісаў ланцужны свой закон,
Што маці-Русь есі жандар
Усёй Еўропы!..

І свой сон
Сьніць далей гэты царадвор,
Калі надыдзе яму дзень,
Ізноў пад лёзгат царскіх шпор
Свой распасьцерці чорны цень.

Ён, гэты скінуты сатрап,
Ня знае, што ў свабодзе жыць;
Яму дай вісельню, дый каб
На ёй „языкі“ ўсе ўшчаміць.

Не па нутру, як сьмерць, яму,
Што беларускае дзіцё
Бяжыць у сьцюжную зіму
У школку пазнаваць жыцьцё.

Спужаўся, што хлапчук ў лапцёх,
Напоўадзеты вёскі сын,
У роднай мове ўчыцца змог?..
О, стыдна, рускі „гражданин“!

Язык твой царскі ён табе
Ня выража, спакойны будзь!
Цябе тваім-жа у кляцьбе
Ён не забудзе памянуць.

Былых ня выклічаш вякоў
І ты, Масквы кароннай гразь,
Парваных ня скуеш акоў,
З якой брахнёю ня вылазь!

5-VI 1926 г.
Акопы

|}