Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/97

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ДЗЬВЕ ДОЛІ

Расьце бярозка серад поля,
Ўдалі ад лесу, сіратой;
Жыве пясьняр з сваёй нядоляй,
З сваёй маркотнаю душой.

Ваюе з бурамі бяроза,
Мароз, слата сячэ яе;
Пясьняр з няпраўдай б‘ецца ў сьлёзах,
За ўсіх цярпіць, для ўсіх пяе.

З бярозкі сьвежыя галіны
Віхор зрывае, коціць ўдаль,
А песьняровы думкі-гімны
Ламочыць крыўда, гора, жаль.

Жыла бярозка, годзе жыці:
Сячэ на дровы дрывасек…
Ідзе пясьняр пад дзёрн злажыці
Сваю галованьку навек.

Бярозка ў печы ўжо вуглямі…
Дымы пад неба ўжо бягуць;
Памёр пясьняр, забыт людзямі,
А песьню ўсе яго пяюць.