Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/95

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

НА ПРЫЗЬБЕ

Сядзіць на прызьбе бледны дзед
І пазірае сьлёзна ў сьвет.

Старэчай думкай ўдаль бяжыць, —
Як жыў, жыве, як будзе жыць.

За успамінам успамін
У грудзі лезе, як той клін.

Шлях не малы прайшоў ў жыцьці,
А йшчэ ці многа перайсьці.

Ўсё разважае на свой лад
І, што збудзіў ўспамін, ня рад.

У думкі прэцца стада мар —
І двор, і пан, прыгон і цар.

Бадзяньні тыя, што ўсьлед шлі,
Па роднай, па чужой зямлі,

І тыя новы ўладары,
Што пруць к яму ў гаспадары;

Усё важыць розумам дзядуль,
І ня здыбе дабра зьнікуль,

Адно, ад назалістых дум
Што раз, то горшы цісьне сум.

І сам ня бачыць, як расой
Сплыла сьлязіна за сьлязой,

З сухім зьмяшалася пяском
І заблішчэла аганьком…

А дзед на прызьбе ўсё сядзіць
І ў дальню даль глядзіць, глядзіць!

30-X—18 г.