Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/251

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ДЗЕ НІ КІНЬ — ДЫК КЛІН!

— Ну, а як табе на службе:
Ці работы многа? —
Так сусед пытаў, між іншым,
Янку Канцавога.

— Ах, ня дай бог за чужою
Поўзаць гаспадаркай!
Дзень і ноч, як лунь таўкуся,
Як у пекле Марка!

А сусед яму навучна
Ды пабожна клепе:
— Хоць тут трудна жыць — затое
Будзе ў небе лепей.

— Знаю, знаю! — так суседу
Адчыкрыжыў Янка:
Бокам вылезе мне ў небе
Гэта абяцанка!

Як паткнуся, — ўраз пагоняць
Да ўсякай работы:
То сядлай каня для Юр‘і,
То чысьць яму боты.

Або ўпоўнач ўстань і сонца
Запалі да золка,
Вытры з пылу усе зоры,
Месяц выбель лоўка.

Завядзі машыну з ветрам,
Папраў з дожджам сіта,
Натаўчы у ступе граду,
Ды яшчэ ня квіта: