Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/242

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ПРЫ ВЫПІЎЦЫ

Вось і карчомка —
Вясёлы наш край!
Жыва, гэй, Шлёмка,
Гарэлкі давай!

Што там марудзіш
Ты, гэткі, такі?
Ў крыўдзе ня будзеш,
Як п'юць бедакі!

Наша багацьце
Нямоцна ні ў чым, —
Грошы ня хваце —
Заставу дадзім.

Толькі нам водкі
Давай, не жалей!
Век наш кароткі,
Зато п‘ём часьцей.

Дарма мы рвёмся
Нядолю змагаць, —
Водкі нап‘ёмся,
І гора ня знаць.

Там каля хатаў
Плач ходзіць з бядой…
Менск наш багаты —
Ён збавіць, як стой.

Возік каменьняў —
Тры злоты ўжо ёсьць,
Воз дроў, паленьняў —
Рубельчык — як госьць.