Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/227

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ПОЭЗІЯ

Праўду з няпраўдай,
Цноту з гарэзіяй
Вымешай спрытам, —
Будзе поэзія.

Лета, ноч, месяц,
Клёнік, чарэсьня,
Хлопец, дзяўчына, —
Вось вам і песьня.

Шэпты, прысяга,
Вечная згода,
Вечная любасьць, —
Вось вам і ода.

Пуня, дзяўчына,
Сена-прынада,
Хлопец пад пуняй, —
Вось сэрэнада.

Пуня падперта…
Голас: сусед я!
Бацька з дубінай, —
Вось вам комэд‘я.

Зімка. Зьнік хлопец,
Дзеўка ўжо „мамай“,
Сьлёзы… Палонка, —
Вось вам і драма.

Сьвет людзі-шэльмы
Крадуць, лгуць шчыра,
Чэсны поэта, —
Вось вам сатыра.