Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/170

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Душы і сэрцайка такога,
І тэй бязьмернай дабраты
Шукаці хіба толькі ў бога, —
Ў другіх людзей ня знойдзеш ты.

На беларускую дзяўчыну,
Калі тут праўду ёй аддаць,
Ніхто йшчэ каменем ня кінуў
І не паважыцца кідаць.

Наталька ў вёсцы між сваімі
Найпрыгажэйшаю была,
Грудзямі, шчочкамі, вачымі,
Як мак між макамі цьвіла.

Павеўна, як дасьпелы колас,
Ішла наперад у танок,
З грудзей гарачых звонкі голас
Зьмяняла ў песьню — як званок.

Прыхільна хлопцы аглядалі
Яе павабны гібкі стан,
Дый толькі сьціха уздыхалі…
Адзін Машэка быў тут пан.

VII

Той панства меў недаўгавечна,
Канаў пацехі час сьвяты:
Па Днепру выпала канечна
На Украіну гнаць плыты;

Машэку йкраз чарга папала.
Спачатку слухаць не хацеў;
Быць можа на яго-бы стала,
Бо не на жарты сілу меў,

Але Наталька ўгаварыла:
„Едзь! штось заробіш к жаніцьбе“. —
Ну, як тут не паслухаць мілай!
І наш Машэка у жальбе