Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/169

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Жылі… Дзянькі за днямі гналі
Так ад вясны і да вясны,
Пасьля і самі не спазналі,
Як палюбіліся яны.

V

Каханьне — лёгкая прынада
Для сэрцаў чуткіх, маладых,
Хоць-бы гнязьдзілася ў ім здрада,
Хоць гэта-б яду быў кяліх.

Усе мы п‘ём яго з дурноты,
Жывём ні явай і ні сном.
А прападзе к яму ахвота, —
Тады — па часе ўжо — плюём:

На гэту вудачку каханьня
Папаў Машэка, як ня свой;
Ані спакою, ні прыстаньня
Ня меў ён з гэтаю бядой.

Сябе сам кінуў у няволю
Дзявочых ласк і пустаты;
Пацех меў шмат, цярпеньня болей,
То весел быў, то — як струты…

Дзяўчына… ведама, дзяўчына —
Хто там згадаў, што ў ёй сядзіць;
Любіла-ж, пэўна, хоць часінай, —
У лес па гэта не хадзіць

Машэка гэтакі асілак,
Што рваў дзярэўе з каранём,
Ў руках яе стаў, як апілак:
Яго забрала хараством.

VI

О, шмат прыгожанькіх дзяўчатаў,
Старонцы нашай бог прыдбаў!
Царэвіч ехаць мог-бы ў сваты
К ёй не аднэй, каб толькі знаў.