Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/17

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

І тваю маці-бацькаўшчыну рэжа,
Жывую рве на часьці, на кускі.

Сыноў тваіх расьсеяў па ўсім сьвеце,
Як птушак ястраб з гнёздаў разагнаў;
Бацькі дзяцей, а бацькоў сваіх дзеці
Сярод магіл шукаюць і канаў.

І мерцьвякоў знаходзяць… А жывыя…
Як мерцьвякоў пагляд іх і жыцьцё,
Праклёны толькі шэпчуць векавыя,
Ды вечнае чакаюць нябыцьцё.

Упаў народ. Змарнеў народ, забыўся,
Як Бацькаўшчыну, як яго завуць;
Як падарожны бяз пуцьця, зьнябыўся;
Як сірата, якой нідзе заснуць…

Паўстань, Народ! Прачніся, беларусе!
Зірні на Бацькаўшчыну, на сябе!
Зірні як вораг хату і зямлю раструсіў,
Як твой навала злыдняў скарб грабе!

Паўстань і глянь, як зьяюць скрозь вагнішчы,
Як носяцца ўсясьветных зьмен віхры,
Як на старога быту папялішчы
Цьвет зацьвітае новае зары!

Паўстань, Народ! Для будучыны шчасьце
Ты строй, каб пут ня строіў больш сусед;
Ня дайся ў гэты грозны час прапасьці, —
Прапашчых не пацешыць шчасьцем сьвет.

Сваю магутнасьць пакажы ты сьвету, —
Свой край, сябе ў пашане мець прымусь:
Паўстань, Народ!.. З крыві і сьлёз кліч гэты…
Цябе чакае маці-Беларусь!

29-X—18 г.

|}