Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/16

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

СВАЙМУ НАРОДУ

Табе, Народ мой, згібнуты ў ваковах,
З-пад сэрца песьню гэтую пяю,
І, ускрашаючы мінуўшчыну нанова,
Выказваю цяпершчыну тваю.

Сягні ў даўно заснуўшыя сталецьці,
Заслону дзён уцёкшых адхілі,
І глянь, як сёньня твае жывуць дзеці,
Як ты жывеш на прадзедаў зямлі.

Дняпро і Сож, Дзьвіна, Вільля і Нёман
Шмат могуць што у памяці збудзіць,
Ды пушчы Белавескай сумны гоман —
Паслухай толькі што ён гаманіць.

Тваймі рукамі ўзьнесены замчышчы,
Глянь, зарастаюць дзікім палыном,
Па сьцен астатках вецер дзіка сьвішча,
Як-бы пяе памінкі быўшым днём.

Пяе аб тым, як гэтыя байніцы
Край сьцераглі на захад і на ўсход,
Як з поўначы разбойны чужаніца
Ня мог замчыскавых скрышыць варот.

Ты жыў, ты панаваў у краі родным,
Сьцярог ад чужака й законы укладаў;
Звон вечавы сход склікаваў народны,
І сход аб шчасьці Бацькаўшчыны дбаў.

Сягоньня ўсё сьпіць і зарастае зельлем,
Сьцярэч свой край няма ні сьцен ні рук;
Званы вячовы змоўклі, анямелі,
У ярме сагнулі людзі плечы ў крук.

Чужак-дзікун, крывёю ўпіўшысь сьвежай,
Запрог цябе ў няволю, ў батракі