Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/167

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

На дрэва дрэва нагінала,
Адно к другому прыгняла,
Сукі з сукамі пасплятала
І з ветрам гутарку вяла.

Ваўкоў, дзікоў, ласёў, мядзьведзяў
Была там днёўка і начлег
У летні час і ў галаледзьдзе,
І ў зімавы глыбокі сьнег.

Людзей ня знаў лес гэты хмурны,
Зайздросна сьцежкі свае крыў,
Адно сваім дном Днепра бурны
З вясны да восені ўдаль плыў.

А з пушчы вырваўшысь на поле
Шумеў і грозны слаў праклён,
Што не даваў яму лес волі —
Давіў гальлём з усіх старон.

У гэтай пушчы з перадвекаў —
Што так драмала ўдоўж і ўшыр, —
Сялібу меў сабе Машэка,
Разбойнік страшны на ўвесь мір.

III

Даўней ня зналі так марнеці,
Як мы марнеем з году ў год,
Асілкаў шмат было на сьвеце,
Быў шмат дужэйшы наш народ.

Асілкам гэтакім адроду
Машэка быў ў сваёй радні, —
Дзіцём нясьці ўжо мог калоду,
Якой трох сталых — не маглі.

Але хоць сілу меў такую, —
Нікому крыўды не рабіў, —
Натуру меў ён залатую,
Як-бы ягнём, патульны быў.