Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/166

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

МАГІЛА ЛЬВА

(З народнага паданьня)

I

Нам продкаў кемкасьць захавала
Шмат весьцяў дзіўных з быўшых год,
Хоць гэтых весьці ўжо нямала
Ў няпамяць кінуў сам народ.

Усё-ж яшчэ штось засталося
Унукам з прадзедаў жыцьця…
Няхай-жа гэтыя калосьсе
Мінуць скараньне нябыцьця!

Няхай той час, што згінуць мусіў
У беспрасьветнай векаў мгле,
Для бяспрыпыннай Беларусі
Хоць толькі ў песьні ажыве.

Зьбіраць пачнём зярно к зярняці,
Былое ў думках ускрашаць,
Каб быт на новы лад пачаці,
І сеўбу новую пачаць.

Пачнём дакапывацца самі
Разгадку нашых крыўд і бед,
Што леглі цёмнымі лясамі
На нашай долі з даўных лет.

Пачнём някратаны паданьні
Сачыць пад бацькаўскай страхой,
Шукаць ад раньня і да раньня,
А толькі хай шукае свой.

II

Над быстрым Днепрам, дзе сягоньня
Стаяць Магілева муры,
Драмала пушча ў сотні гоняў,
Змагала громы і віхры.