Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/160

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

НОЧЦЫ

К табе, мая ночанька цёмная,
І к вам, мае зоранькі-кветкі,
З паклонам іду, няпрытомны я,
І клічу вас, клічу за сьведкі.

Пасьведчыце, як мне тут маецца
Ў маёй адзіноце, нядолі,
Як сэрца ў грудзях разрываецца,
Як плача душа без патолі.

Пасьведчыце там перад мілаю,
Як тутка па ёй я журбую…
Мо‘ хоць над маёю магілаю
Я водклік ад мілай, пачую.

К табе-ж, брат мой, вецер, зьвяртаюся
З закляцьцем-прысягай такою:
На сьмерць і жыцьцё прысягаюся,
На шчасьце сваё маладое:

Мілей мне яна і ад сонейка,
Мілей ад маіх сноў дзяціных,
Ад красак квяцістага гонейка,
Ад песень вясной салаўіных.

Вось гэты заклён з загаворамі,
Ты, ветру, мой шчыры дружача,
Дамчы к маёй мілай за горамі
І кінь ёй пад ногі — хай бача!..

13-VII—15 г.