Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/159

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

А ЯНА

Гэткім шчырым каханьнем яе атуліў,
З гэткай ласкай глядзеў ў яе сумныя вочы, —
Як і сонца ня туліць расквечаных ніў,
Як і зоры людзям не ўглядаюцца ўночы!

Так пясьціў, так галубіў галубку, яе,
Так цяпліў сваім сэрцам сірочым ёй грудзі, —
Як і маці ня песьціць дзіцё — як спаўе,
Як і вогнішча зьзябнутых грэці ня будзе!

Столькі песень над песьнямі ёй я напеў,
Столькі думак злажыў аб ёй важных, таёмных, —
Як і бор гэтак з ветрам шумець ня шумеў,
Як і век гэткіх дум не злажыў для патомных!

Гэткі ў сэрцы сваім збудаваў ёй пасад
І такую ўзлажыў ёй з каханьня карону, —
Як і неба з зямлёю, на божы загад,
Ня прыдбаюць такіх ні кароны, ні трону!

Так уславіў яе ў славу сонца і зор,
Так маліўся дзень-ноч к ёй мальбою нябёсаў, —
Як і мудрасьць ня ўславіць ўсясьвету прастор,
Як і каня ня моліцца ўлетку да росаў!

Утватыў з яе шчасьце з-над шчасьцяў сваё —
Чарадзейную княжну з аповесьці дзіўнай,
І пад ногі ёй кінуў жыцьцё сваё ўсё…
..........
А яна?.. А яна была толькі… дзяўчына!..

7-V—1925 г.