Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/156

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ЎСПОМНІ!..

Ўспомні, як згубіш крыльлі арліны,
Што моц у высях даюць лунаць,
І сіл ня хопіць табе, дзяўчына,
Сьвет і самую сябе змагаць!

Ўспомні, як сетку з пут павуціных
Мачыха-доля спляце у жыцьці, —
Як на растайных станеш пуцінах
І не згадаеш, кудой пайці!

Ўспомні, як згубіш ворага й друга, —
Жыць пачнеш ценем з-пад курганоў
Бяз веры ў шчасьце, бяз верных слугаў —
Думак дзявочых, дзіцячых сноў!

Ўспомні, як ночка ляжа навокал,
Вецер засьвішча ў хаўтурны тон,
А сэрца дрогне, бы ў клетцы сокал,
І ў душы ўскрэсьне здань быўшых дзён!

Ўспомні ня ў хвілю радасьці дзіўнай, —
З іншым разьдзеліш радасьць сваю, —
І не мяне ты ўспомні, дзяўчына, —
Ўспомні, от… гэту думку маю!

13-XII—14 г.