Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/149

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

10. СЯЎБА

Ральля падсохла, мяккай стала воўнай
Ўжо час узяцца за сявалку,
Ў зямлю зярнят насыпаць жменяй поўнай,
Як ад бацькоў наўчыўся змалку.

Ад тэй, што ад зімы засталась, часткі,
Штось кінуўшы на час нязбыты,
Адмерылі мы з ёй са дзьве шаснасткі
У мех, рукой яе пашыты.

І вышаў сеяць я. Яна стаяла
Нападалёк мяне, на ўзьмежку;
У высях сонца золатам зіяла,
Ўнізу плыў вецер сваёй сьцежкай.

Пасыпаліся дробныя зярняты
Ў ральлю, як пацеркі янтарны,
На наш загон, сахою узараны,
На мой шнурок — палетак ярны.

Яна, як ніцая бярозка тая,
Стаяла, за сяўбой сьлядзіла,
І як-бы багародзіца сьвятая —
Здавалася мне — блаславіла.

Лажыцеся ў ральлю, зярняткі, спаткі,
Накрыйцеся пасьцілкай-скібкай,
Пасьля збудзіцесь, выгляньце з краваткі,
Як воўна — густа, як дзень — шыбка!

Расьціце высака, расьціце буйна,
Як гэта пушча за дарогай!
Маліцеся да бела-бога чуйна,
І чорнага ня гнеўце бога!

Каб не паспалівалі вас сьпякоты,
Дажджы каб вас не пазмывалі,
Каб не пабілі грады і грымоты,
Каб вам заломаў не ламалі!