Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/144

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

5. ВЫГАН У ПОЛЕ ЖЫВЁЛЫ

Спаўзьлі з загонаў зімнія сьнягі
І ў мора паплылі ракой-вадзіцай,
Запелі жаўранкі. І чорныя лугі
Ўсьміхацца сталі першаю травіцай.

У поле статак выганяць пара.
Кароўку маем мы — завецца Аўтарыняй, —
Багацьце кожнага гаспадара,
Скарб і пацеха кожнай гаспадыні.

„Мая“ ня выгнала яе за край
Платоў, на пашу, дзе яна хадзіла,
Пакуль таго, што вучыць абычай,
Над ёй сваёй рукою ня ўчыніла.

Сьвянцоным хлебам, сольлю і вадой
Абнесла навакол яе тры разы,
Паставіла да сонца галавой
І загавор чыніла ад заразы.

Ў крыніцы тры разы кусочак шкла
Скупала, і перад вачмі кароўкі
Трымаючы, шаптала, як змала,
Такія мудры заклінаньня слоўкі:

„Ты, ясна сонца, месяц, ясен сьвет,
І вы, на небе часьценькія зоры,
Вы ўсе, што кропіце расою цьвет,
І асьвятляеце сушу і моры, —

Зямлю агрэйце, вырасьцьце траву,
Не пашкадуйце есьць і піць жывінам,
Шаўковую сьцяліце мураву,
Абгарадзіце жалязяным тынам.

Вартуйце, сьцеражэце ад цара
Ляснога, палявога, вадзянога,
Ад паранят яго, ад упыра
Ад людзкога вока нялюдзкога!“