Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/142

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

3. ПРАТАЛІНЫ

Ўжо на зямлю ляглі праталіны,
Сьнягоў спаўзае зімавая бель,
Узгоркі сьвецяць — як апалены,
Вада ў лагчынах жаліцца, як шмель.

Дзе-ні-дзе глянула нясьмелая
Пралеска вочкамі на божы двор, —
Людзкіх сьлёз кветка сіня-белая
Шукае сонца днём, а ночкай — зор.

Крылатыя стварэньні з выраю:
Па млечнаму пуці плывуць, як шнур,
І, творачы малітву шчырую,
Сваіх шукаюць кінутых пячур.

Спагаднае сьвятло нябеснае
На колькі вёрст зьвялічыла свой шлях,
Па нівах промені пачэсныя,
Як лён той, сьцелюцца ў жывых агнях.

І ў хатку заглядаюць промені, —
Дармо, што нізкія ваконцы ў ёй, —
Гуляюць радасна па коміне
Бліскучай і вясёлаю сям‘ёй.

Па ложку, па пасьцелі ласяцца,
Цалуючы яе і мой гарачы твар,
Як тыя ветрыкі на пасецы,
Гуляючы ў пякучы летні сквар.

Устань, галубачка бяскрылая,
Заспаны зоры-вочанькі пратры,
Зьбяромся з думкамі і з сілаю
Жыцьця парадак валачы стары!

Праталіна лягла на гонейках,
Збудзілася пралесачка ад сна…
Устань, устань, маё ты сонейка!
Залатаструнна йграе ўжо вясна.