Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/126

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

МАЯ ВЕРА

Ня веру ідалам паганым,
Што выразаюць разьбяры,
Бажкам ня веру маляваным,
Што мажуць фарбай маляры.

Ня веру купленым прарокам,
Што з казальніц за грошы лгуць
І сочаць прагавітым вокам,
Скуль больш чырвонцаў ім нясуць.

Ня веру ў фокусьнікаў цуды
Усіх народаў і вякоў,
Што ў ход пускаюць хітра ўсюды
Туман на цёмных сьлепакоў.

Ня веру ў каменны багоўні,
Ў людзкой асьвенчаны крыві,
Дзе толькі вяжуць, бы ў прыгоне,
Жывому духу ланцугі.

Ні за якую плату, меру
Ня дамся гэтай варажбе…
Ў народ і край свой толькі веру
І веру ў самаго сябе.