Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/121

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Пакрываўлены грудзі, зблытана каса…
І чаго-ж і зашто ты папала сюды?

Брат, поэт! І ты тут — як быдлё, ў ланцугох…
Дзе свабодны твой дух, што ня рвеш ты кайдан?
Божа! Золата йскрыцца ў кастлявых руках…
Песьняй роднай таргуе, як коньмі цыган.

Адбіваючы тут-жа паклоны плашмя,
Нейкі нехрысьць крапідлам махае, пяе
Ды шыпіць, як гадзюка, Хрыстова імя,
І за золата гэта імя прадае…

І там здань і тут здань, закружыліся ўкруг,
Кругам труцень у бляшках бліскучых спавіў,
Усіх іх у жалезны ржавелы ланцуг,
Сэрцы рве і грызе, шнурам шыі здавіў.

Цень пры цені, над ценьмі той крыж у крыві,
Чорны крыж, як-бы змора лунае ў высі,
Як-бы змора вісіць… Стогн адно: не даві!
Ня губі, да Хрыста сьцежку дай, данясі!..

Разыграліся гурмай за зданяю здань,
Як вужакі ў гаршку, мітусяцца яны,
Песьню выюць хаўтурна: ты ляж, а ты ўстань!..
Здалі чутна, павоўчаму выюць званы.

І пачатку няма і канца ім няма!..
Ці тут ява, ці сон?.. Проч, вы здраднікі, проч!
Ах, скарэй-бы дзень вечны, ці вечная цьма!
Яна згубіць мяне, бессанлівая ноч!

20-VI—13 г.

|}