Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/103

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

БАЦЬКАЎШЧЫНА

З зямлёй і небам зьвязывае мяне ніць —
Неразарваная веквечна павуціна:
Зямля мяне галубіць, як вернага сына,
А сонца мне душу ня кідае туліць.

Яшчэ ў калысцы я наўчыўся з песень сьніць
Аб гэтых блізкіх мне, а цесных так, мясьцінах:
Што роднай нівы я мільённая часьціна,
Што зоркі роднай ў сэрцы мне іскрынка тліць.

Так Бацькаўшчыну я здабыў сабе бяз злосьці,
Узрос з яе й чужых з яе ня скінуў косьці,
Грудзьмі тулюсь к ёй, як да матчыных грудзей.

І калі зьдзекваецца нада мною хтосьці —
Над Бацькаўшчынай зьдзекваецца ён маёй,
Калі-ж над ёй — мяне тым крыўдзіць найцяжэй.

1915 г.