Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 4.pdf/185

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

XII

сказаў-жа аб днёх Сьветаслава
Той Баян-песьнятворца старын
І далёкай пары Яраслава
І Алегавых даўных часін:

„Хоць і цяжка табе многасьмелай
Галаве без плячэй у людзёх,
Але трудна й табе жыці, целу,
Без сваёй галавы на грудзёх!“

Так і Рускай зямлі ненарокам
Цяжка мераць бяз Ігара дні.
Сонца сьвеціць на небе высокім,
А князь Ігар на Рускай зямлі.

Красны дзевы пяюць на Дунаю,
Галасы іх плывуць і лятуць
Неўгамонна ад краю да краю,
Цераз мора да Кіева йдуць.

Ігар едзе праз спуск Барычоўскі
К абразу Пірагошчы сьвятой.
Рады князю староны і вёскі,
Гарады весяляцца з сабой.

Пеўшы песьню старым князём, справам,
Потым пець маладым песьняй бур:
Сьветаславічу Ігару слава!
Слаўся храбры Ўсяволад буй-тур!