Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 3.pdf/276

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ланея ды Трахім даведаюцца? А тут яшчэ гэты, як на безгалоўе, „Страшны суд“ вісіць на сьцяне! (Да ДАМІЦЭЛІ). Кумачка, Даміцэлька! Кінь ты гэту мешалку: я сваёй маю аж вось пакуль! (Паказвае на шыю).

ДАМІЦЭЛЯ

(прыступаючы да Максіма з мешалкай)

Я цябе пытаюся: чаго ты ўбіўся ў чужую хату? Га?

МАКСІМ

А я ў свацьці пытаюся: чаго я ўбіўся ў чужую хату?

КАЦЯРЫНКА

Ха-ха-ха! А я ў мамкі і дзядзькі папытаюся, чаму ў мяне цяпер два таты?

ДАМІЦЭЛЯ

(чуць не галосячы)

А божухна мой, бацюхна! і собіла-ж, каб гэтакае ліха ні за што, ні пра што звалілася на маю галаву?! Гэта-ж, як даведаюцца на сяле, на вуліцу нельга будзе паказацца: вочы заплююць. Ды яно й варта: маю, дзякуй богу, свайго чалавека, хоць у гадох, але хай так яшчэ й малады дакажа; дачку аддавай хоць у пятніцу замуж, а тут — на табе! — гэты чорт! І каб я хоць пальцам на яго калі кіўнула. (Трасучы мешалкай). І-і, лабідуда няшчасны! Чаму ты, ідучы сюды, галавы сабе не зьбяёдаў або кастылёў сваіх не павыкручваў?!

МАКСІМ

Чаму лепей мяне маці малога, у начоўках купаючы, не ўтапіла, чымся я меў дачакацца гэтакага сораму? Сам я, дзякуй богу, не маладзёначак, сын каля дзевак юрыць ды свая кабеціна яшчэ ня зломак, хоць, не раўнуючы, палі забівай, а тут — на табе! Яшчэ гэта з мешалкай, ведзьма кіеўская!

КАЦЯРЫНКА

(у бок)

Ужо мы з Мацейкай сваякі!