Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 3.pdf/167

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

форму! (Хоча скідаць куртку). Ах, пардон! Я забыўся, што мамзэль Наста тут. Але вось гэта можна і цяпер паслаць, меджду протчым, к чорту.

(Пачынае кідаць аб зямлю портфэлі, апрача портфэлю з грашыма).

ЯНКА

Ці не пасьпяшыліся, пане рэгістратар, пляваць у карытца, — каб ня прышлося напіцца.

МІКІТА

(пакінуўшы кідаць портфэлі).

Чаму, меджду протчым?

ЯНКА

А як ізноў унеспадзеўкі тыцне ў Менск ваша совбурскае начальства? Што тады вы бяз гэтых торбаў запяяце?

МІКІТА

А праўда, меджду протчым, праўда, — я крыху зарапартаваўся. Быўшае, цяперашняе і будучае начальства заўсёды і ўсюды трэба шанаваць і мець навоку, калі ня хочаш папсаваць свае паперы. Меджду протчым, мамаша, схавайце гэтыя портфэлі — можа дзе пад комін, ці куды іх падсунеце. Пакіньце толькі портфэль з маёй пэнсіяй. (ГАНУЛЯ па аднаму носіць портфэлі). А я папрашу пардону ў гасьцей і на хвіліну адлучуся зьмяніць свой знадворны выгляд, згодна з самай навейшай, меджду протчым, політычнай сытуацыяй.

{{АРЦ|(Дастае з скрынкі вопратку і выходзіць. Колькі хвілін ЯНКА і НАСТА застаюцца на сцэне моўчкі, ня ведаючы, што з сабой рабіць).

МІКІТА

(уваходзіць пераадзеты ў сваю чыноўніцкую форму з усімі адзнакамі, акручваючыся на пяце)

Ну, як, шаноўныя, меджду протчым, мамзэлі і мусьі? Той самы ды ня той самы! Ці-ж не мэтаморфоза?

НАСТА

Я захоплена вашай, мусье Нікіці, метаморфозай!

ЯНКА

Перакуліцца з нічога ў нішто — не вялікая мэтаморфоза.