Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 3.pdf/157

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

АЛЕНКА

(прабуючы падымаць паасобку портфалі ў каламажцы)

Ну і цяжкія-ж гэтыя торбы! Ці не каменьне ў іх напакавана?

МІКІТА

Не каменьне, меджду протчым, мамзэль, а наш хлеб штодзенны. (Дастаючы першы портфэль). У гэтым портфэльчыку ўсялякія асабістыя пасьведчаньні: на маю асобу, на маю кватэру, на ваду, на апал, на яду, на хадзьбу і гэтак далей, і яшчэ дакуманты на права ўставаць рана і не ўставаць рана, хадзіць на службу і не хадзіць на службу, насіць вопратку і не насіць вопратку, трымаць грошы і ня трымаць грошы, мець сабе жонак і дзяцей і ня мець сабе жонак і дзяцей, сьвістаць, меджду протчым, на…

ЯНКА

(перабіўшы)

А ў гэным другім лантуху?

МІКІТА

(дастаючы другі портфэль)

А ў гэтым, меджду протчым, портфэльчыку ўсялякія дэкрэты, законы, пастановы, загады, рэзолюцыі, інструкцыі аб раўнапраўі ўсіх расаў і падрасаў, усіх нацый і паднацый, усіх народаў і паднародаў, усіх моваў і падмоваў — у нашай ядынай і непадзельнай Літбеларускай рэспубліцы. (Дастаючы трэці портфэль). У гэтым толькі грошы — мая пэнсія за першыя дзесяць дзён гэтага ліпня месяца і за два тыдні наперад. (Дастаючы чацьверты апошні портфэль). А ў гэтым карапузіку важнейшыя дакуманты: профсаюзу, біржы працы, культасьветы, нашага № 157348 дамкому, у якім я паўнапраўны сакратар, і гэтак, меджду протчым, далей. (Дастаючы іншыя рэчы з каламажкі). Далей ідуць мае за месяц чэрвень, за першыя дзесяць дзён ліпня і за два тыдні наперад дармовыя, меджду протчым, пайкі: сем фунтаў адборнай атрубянай мукі, паўтара фунта з асьмушкай круп, два фунты з чвэрткай гароху, ня ведаю колькі газы, паўчвэрці фунта і два лоты солі, і да ўсяго гэтага яшчэ: селядцы, тараны, сем з паловай фунтаў дроў, пудэлачка, меджду протчым, пудры, а-ля-руж, падстаўка для кветак, тры чаркі, а болей, здаецца, нічога няма.