Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 3.pdf/102

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

цей будуць у мяне сягоньня: адна мадам, поп, спраўнік і пан. Вось, калі хто з іх зьвернецца да вас з якім словам, то вы старайцеся адказваць у нос і меней ужывайце простых выразаў. Калі з мадамай зойдзе гутарка, то не кажэце — панечка, а мадам-сіньёра, калі з папом, то — ня бацюшка, а ацец духоўны, калі з спраўнікам, то — ня пан спраўнік, а ваша родзіе, а калі з панам, то — ня проста пане, а — ясьне пане грабя. Усё гэта тутэйшыя грата-пэрсоны, меджду протчым, людзі аднальковага са мной сьветагляду і амаль што не аднальковых рангаў, так што хачу я, каб яны ведалі, што і радня мая ня ніжэй стаіць ад іхняй радні.

ГАНУЛЯ

Ну і госьці! Адкуль ты іх выкапаў? Яны-ж уперад у нас ня бывалі.

МІКІТА

Ня бывалі… ня бывалі… Меджду протчым, уперад была іншая політычна-экономічная сытуацыя, пры якой ня ўсюды яны маглі пабываць, а цяперака, як з большага рангі і клясы абшліфаваліся, вось яны, гэтыя мае госьці, і складаюць нам першым візыту.

ГАНУЛЯ

А хай-бы ляпей не складалі, а то скачы перад імі няма ведама як!

МІКІТА

Вы толькі, меджду протчым, мамаша, адказвайце, як я вас вучыў, а ўсялякіх іншых цэрамоній буду я сам даглядаць. Ага, яшчэ адно: як будзеце вітацца, то адну нагу на зад адцягвайце — рабеце рэваранс. А важней за ўсё, старайцеся як найгусьцей у нос.

ГАНУЛЯ

(махнуўшы рукой)

У нос, дык у нос!

(Уваходзіць ЯНКА).