Перайсці да зместу

Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/96

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

НАД СЬВІСЛАЧАЙ

(У Карзюкох)

Плаўна Сьвіслач-рэчка
Ў даль плыве, бяжыць;
Над крутым абрывам
Панскі дом стаіць;
Зелянеюць вольхі
Па краёх ракі,
Высяцца над імі
Сумна Карзюкі.
Відзен горад здаля,
Горад Менск стары,
Пнуцца важна к небу
Коміны, муры.
Гулка далятае
Дзікі сьвіст машын
Ды прыпеўкі жабаў
З рэчкі і лагчын.
Між прысад гасьцінцам
Між палёў сялян,
Едзе, пераходзе
То мужык, то пан.
Ўсю-ж гэту мясьціну
Неба абняло,
Залацістым сонцам
Хараство ўпляло.
Рэчка, луг, гасьцінец,
Горад, Карзюкі
Разрываюць думкі
На усе бакі.
Сам сабой ня знаеш,
Што рабіць, як жыць:
Ці ляцець у горад,
Ці ў Карзюкох сьніць?
Ці пайсьці гасьцінцам
Долі ў сьвет шукаць?
Ці рацэ, русалкам
Галаву аддаць?..