Перайсці да зместу

Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/92

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

МОЙ КРАЙ

Ляжаць твае гоні-загоны
Стомільна на сьвеце на белым
І жаляцца руняй зялёнай,
І коласам жаляцца сьпелым.

Лес-ноч гаманіста, шумліва
З мінуўшчыны казкі складае
І шле іх далёка па нівах,
Плакуча, ад краю да краю…

Паводкаю коцяцца воды
Руч‘ёў паміж долаў і гораў,
У хвалях пагодай-нягодай
Купаючы нівы-разоры.

Спавітыя плесьняю вёскі
Між пустак заселі бясьсільна,
Ўтуліўшыся ў цені бярозкі
На вечным кургане бадыльным.

А люд?.. Ён сагнуўшыся ходзе
Пад ношкай зьнямогі-пакуты
І, роячы сны а свабодзе,
З дня ў дзень сам сабе куе путы.

Так сьпіш, так жывеш мімаходам,
Мой край, як сьцяпная магіла,
З сваім незавідным народам,
З патухшай і славай і сілай.