АД ВЫДАВЕЦТВА.
Том 2-і, „Збору Твораў“ Я. Купалы ўкладзены з вершаў, напісаных у 1910—1913 г. г. і першы раз выданых у 1913 г., а другі раз — у 1923 г. ў зборніку „Шляхам Жыцьця“. Шырока-грамадзкі характар поэзіі Я. Купалы бадай нідзе не праявіўся з такой сілай, натхненьнем і мастацтвам, як у вершах гэтага пэрыоду яго творчасьці. Агідныя праявы тагочаснае царскае рэакцыі, якая ярмом падвойнага ўціску — соцыяльнага і нацыянальнага — душыла беларускіх працаўнікоў, выклікалі ў песьняра магутнае полымя абурэньня і ненавісьці да старога ладу. Загартованая ў гэтым полымі творчасьць Я. Купалы пяруновымі ўдарамі б‘е па падмурках гэтага старога ладу. Але мала гэтага! Мала бічаваць і бурыць старое! Трэ‘ апраменіць бляскамі сваёй поэзіі тыя, быць можа яшчэ нявыразныя абрысы новае будучыны, якая павінна прыйсьці на зьмену гнілому, спарахнеламу. Трэ‘ заклікаць працоўныя гушчы ісьці ў змаганьні насустрач гэтай новай будучыне. І Я. Купала з усёй агністасьцю і парыўчасьцю свайго мастацкага таленту паказвае ў вершах гэтага пэрыоду (1910—1913 г. г.) набліжэньне новага, сьветлага і радаснага жыцьця і магутным голасам прарока кліча беларускі працоўны народ рваць ланцугі няволі і шукаць сваёй „кветкі шчасьця“. І ў сучасны момант, калі прароцтвы песьняра пачалі ажыцьцяўляцца, калі беларускі працаўнік, вольны соцыяльна і нацыянальна, будуе сваю Савецкую Рэспубліку, у якой нямінуча знойдзе „кветку шчасьця“, гэтыя вершы Я. Купалы каштоўны ня толькі сваёй нязвычайнай мастацкасьцю, але яны захоўваюць яшчэ ўсю сваю актуальнасьць і грамадзкую значнасьць.