Перайсці да зместу

Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/83

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ПАД КРЫЖАМ

З балеснаю ў сэрцы пакорай
Пад крыжам збуцьвеўшым стаю,
І ўвокал — ад гораў да гораў —
Зямлю аглядаю сваю.

Навокала сьцелецца столькі
Багацьця, красы і сьвятла!
Хоць болькі, старыя ўсё болькі,
Адна за аднэю лягла.

Плакучыя стогнуць бярозы,
Скідаючы лісьць залаты;
Хістаюцца дзікія лозы,
Глухія, сухія кусты.

Звод нейкі гамоніць, шапоча:
— Калодаю, дружа, ты будзь!
Душа толькі верыць ня хоча,
Ня хоча паняць і заснуць.

Упаўшыя грудзі калыша
Жальбой няпрыхільнаю сум,
І тысячы ў памяці піша
Гаротных, нявыжытых дум.

Бясьсільна народ, свой пытаю,
Абняўшы пахілены крыж:
— За што ты ад краю да краю
Магілай жывою ляжыш?

Ці коні твае патрупелі,
Цягаючы ў поце плугі?
Ці косы твае прытупелі
З крывавай на лузе смугі?..

Пытаю жывых назаліста,
Чакаю, адказ ці бяжыць…
Маўчыць, як дамоўка, ўсё чыста…
Пракляцьце — і тое маўчыць.