Перайсці да зместу

Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/82

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

МАЯ МАЛІТВА

Ва ўсяку мінуту, ва ўсякай патрэбе,
І ў полі шырокім, і ў вузенькай хатцы
Малюся я гэтаму сонцу на небе
І зоркам, што ночкай мігцяцца.

Малюся свабоднаму ветру—віхуры,
Што лётае птушкай ад краю да краю,
І пасьвіць у высях панурыя буры,
І ў комінах песьні іграе.

Малюся агню я, што сее пажары,
Як стане пара, па нязьмераным сьвеце,
Наводзячы жудасьць вялікаю карай,
Пужаючы старцаў і дзеці.

Малюся жывучай вадзіцы — разводзьдзю,
Ў дзень ясны бліскучай, а страшнай у ночы.
Што, нівы палошчачы, йдзе, не праходзе,
І хаты і чоўны друзгоча.

Малюся я небу, зямлі і прастору,
Магутнаму богу — ўсясьвету малюся,
Ва ўсякай прыгодзе, ва ўсякую пору
За родны загон Беларусі.

1910 г.