Перайсці да зместу

Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/67

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

РАЗЬВЕЙСЯ, ТУМАН…

Разьвейся, туман, расплывецеся, хмары,
Над хатай пахілай маей!
Хай сонца прагляне, хай цяжкія мары
Ня мучаць душы і грудзей…
Штось клікала рвацца і вышай, і далей,
На лепшае звала жыцьцё.
Вы, злыя туманы, вы, хмары бяз жалю,
Закрылі, забралі мне ўсё…
Стаю і гляджу я на хату крывую,
На ніву пустую сваю —
І сьлёз ня стрымаю, і ціха бядую,
І нудную песьню пяю;
І к небу малюся, ў жыцьцё заглядаю,
Ці моц скуль якая ня йдзе?
І цёмна, і нема ад краю да краю,
Ні сьвету, ні сьледу нідзе…
Ні сьвету, ні сьледу… марнуюцца сілы,
Дух праўды і волі прыгас,
Нядоля і гора, навокал — магілы, —
Вось роднага шчасьця абраз…

1908 г.