Перайсці да зместу

Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/65

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

НЕ ДЛЯ НАС…

Не для нас гэта сонейка майскае
Загуляла на небе высокім
Сеяць думкі вясеньнія, райскія
Гэт, па сьвеце вялікім, шырокім.

Не для нас, ніва намі ўспаханая,
Заірдзелася ўсходам пасеваў,
І ўся ветрам, як дым, калыханая
Б‘е паклоны направа, налева.

Не для нас упрыгожылісь кветкамі
Сенажаці-лугі над ракою,
Хараствамі нязьдзіўнымі, рэдкімі
Вабіць вока, шаптацца з душою.

Не для нас, не для нас распускаецца
Гэты сад, гэта вішня, чарэсьня,
Не для нас, не для нас разьліваецца
Салавейкава звонкая песьня…

Сонца паліць нам грудзі збалелыя,
Ніва ласкі над намі ня мае,
Пот ліём па лугох мы дні цэлыя,
Ці-ж тут міла і песьня якая?!

З дня на дзень, з году ў год, як пакутнікі,
Б‘ёмся, гінем і шчасьця ня бачым;
Працай жывяцца нашай прыблуднікі,
А мы толькі ўздыхаем і плачам…