Перайсці да зместу

Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/63

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ВЯСНА ЗА ВЯСНОЮ…

К нам вясна за вясною ідзе
І бясьсьледна адходзе ад наc…
Ні канца тэй бядзе і нудзе,
Ні пачатку сьвятла хоць на час.
Хоць-бы раз заірдзела раса
Жыватворна убогім палям,
Хоць-бы раз зазьвінела каса,
І дзень лепшы наклікала нам.
Вянуць кветкі што раз без пары,
Вяне зелень спустошаных ніў.
Шум ня моўкне ў зялёным бары:
Не чакаць, людзі, вам буйных жніў.
Не напоўніць вам клецяў сваіх,
Пот і сьлёзы льліцё вы здарма;
Ў паднявольнічнай службе ў чужых
Не падняць вам галоў з-пад ярма.
Вам — пакорным рабом — не вясны,
Рукі на крыж злажыўшы, чакаць,
А пад песьні паўночнай зімы
Ямы ў полі сабе-ж будаваць.
Будаваць, покі вы чужака
Нівай будзеце роднай карміць,
Будаваць, покі ваша рака
Чужакову каню дае піць.
Для асьлепленых, здаўленых, вас
Ня была і няма іншых дум…
...........
Так над намі вясной кожны раз
Стогне бору зялёнага шум.
Так вясна за вясной к нам ідзе
І бясьсьледна адходзе ад нас…
Ні канца тэй бядзе і нудзе,
Ні пачатку сьвятла хоць на час.