Гэта старонка была вычытаная
Чырвонай зданьню ў цёмных сенцах
Наш Рок сьляпы снуе, цьвіце;
Зьмяіны рогат адшчапенцаў
Жывыя грудзі рве, гняце.
Ваякі лепшыя за славу,
За славу роднай стараны,
Або ляглі ў бітве крывавай,
Або у путах — і яны
Ярмо валочаць паніжэньня,
Ў кляцьбе бясьсільнай гоняць век…
Глядзіш… пытаеш свайго ценю:
Дзе тутка зьвер, дзе чалавек?
У жудкім, чорным беспрасьвіцьці
Бушуе выпасьвены кат…
Любіць… Каго, за што любіці?
І ненавідзець сіл няхват.
.............
О, божа праведны, ты сілу
Сваю вяліку акажы:
Ня згінуць з бацькаўшчынай мілай
Свайму слузе дапамажы.
Сашлі мне сьветлую падмогу
Астаткі сіл сваім аддаць
І — не зрабіўшы брату злога —
Пад крыжам бацькавым сканаць.
1914 г.
|}